Драгічаны, вёска ў Ваўкавыскім р-не ў Ізабелінскім с/с. Назва складаецца з двух слоў – дарагі і чаны, што можа значыць дарагія чаны. Можна меркаваць, што ў былыя часы тут выраблялі вялікую драўляную пасуду (чаны), якая дорага каштавала.
Узгадваецца ў Літоўскай метрыцы пад 1495 г., калі 5 чэрвеня ў Вільні вялікі князь літоўскі Аляксандр выпісаў прывілій намесніку ўценскаму пану Войтко Яновічу, які трымаў «сяло з людзьмі в повеце Волковыйскім на імя Дорогічаньцы», дзве пусташы пад назвай Капцеўшчына і Палтаўшчына/ 1615 г. – у м. Петухова, 38 дв., 34 валокі зямлі, 25 каней, 72 валы. Згодна інвентара называлася Дарагічаны.
Прозвішча сялян у 1615 г.: каваль Адам Семяновіч з сынам Шчасным і пры ім яго брат Іван, Ждан Хоміч з сынамі Васілём, Валерам і Данілам, Сцяпан Гардзеевіч і пры ім два браты Іван з Грыцьком, Іван Супрановіч, Лук’ян Еўсеевіч і пры ім брат Васіль, Даніла і Марцін Раманавічы і Марціна сын Іван, Іван Андрэевіч з сынамі Дзям’янам і Архіпам, Марцін Песік, Мацвей Лісіца з сынамі Федарам і Міхалкай, Федар Лісіца з сынамі Жданам і Алізарам, Ждан Амсімовіч, Сцяпан Канюховіч з сынам Алізарам і Гардзеем, Барыс Шарыловіч з сынам Сяменам. Пры ім брат Андрэй і братаніч Грышка. Марцін Купрашэвіч з сынамі Гаўрылам і Алізарам. Пры ім зяць Федар. Максім Катырка, Акула Багушэвіч з сынамі Лаўрынам і Сцяпанам, Андрэй Багушэвіч з сынамі Сцяпанам і Грыгорам. Пры ім брат Даніла. Зосін Петраневіч, Мікіта Ешлашэвіч з сынам Іліяшам, Бырыс Санцовіч з сынамі Іванам, Сідарам і Міронам, Іван Санцовіч з двума сынамі Якімамі, Мацей Лушчыковіч з сынам Дзем’янам. Пры ім зяць Астапка з сынамі Андрэям, Іванам і Стэфанам, Сямен Лушчыковіч з сынамі Азарыем, Стэфанам і Паўлікам. Пры ім зяць Паўлік з сынам Мацвеем, Супру Ціўковіч з зяцем Іванам, у якога сын Федар, Бакун Ціўковіч з сынамі Якавам і Іванам, Блажэй Макурэвіч з сынамі Барташам і Шымонам, Марцін Макурэвіч з сынамі Стасам, Якубам і Пятром, Міхалка Арэшка з сынамі Шчасным і Юркам, Шымка Макурэвіч з сынамі Грышкай і Матысам, Мацей Яновіч з сынамі Пятром і Міхалкай,Шчасны, Пятрук і Ждан Лаўрыновічы, дворны Клімуць Цівун, Барыс Казейка з сынамі Васілем і Савасц’янам, Хілімон Нерахмановіч, Цімох Купкашэвіч з сынамі Хведарам і Міхалкай. У Хведара сын Гаўрыла. Андрэй Жамойцін з сынам Стасюком. У Стасюка два сыны Грышка і Юрка. Якуб Анісімовіч з сынам Адамам, Цімох і Шчасны Паўлюковічы.
1775 г. – у ф. Ізабелін Грабоўскага, 20 дв. 1800 г. – у м. Ізабелін Юрыя Грабоўскога, генерал-лейтэнанта былых войск Рэчы Паспалітай, 87 муж. 1811 г. – 99 муж. у м. Ізабелін Кузьмы Грабаўскога. 1820 г. – 85 жан. і 75 муж. 1836 г. – 25 дв., 87 муж. i 94 жан. 1845 г. – у м. Ізабелін былога межавога суддзі Адама Вікенцьявіча Стравінскага, 25 дв., 87 муж. і 94 жан.
Прозвішча сялян у 1845 г.: Загорскі, Жыдок, Плюшчэвіч, Купрашэвіч, Квачанюк, Матусь, Каласоўскі, Мірон, Лойка, Шукайла, Меляшкевіч, Дудка, Сіўка, Скаскевіч, Хаванскі, Міцкевіч.
З 1861 г. у Ізабелінскай воласці, належала А. В. Стравінскаму да 1862 г., да адмены прыгоннага права. 1905 г. – 380 ж. 1914 г. – 61 дв., 182 муж. і 213 жан. 1921-1939 г.г. – у гміне Ізабелін. Ветраны млын. 1921 г. – 14 дв., 92 ж. 1930 г. – 82 дв. 1938 г. – створана пажарная дружына. На 1.01.2004 г. 58 дв.,110 ж. Магіла савецкага воіна з абяліскам.
Автор — Николай Быховцев