Ізабелін — вёска ў Беларусі, на рацэ Рось. Цэнтар сельсавету Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 608 чал. (2007). Знаходзіцца за 13 км на паўднёвы ўсход ад Ваўкавыску, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Ваўкавыск; на шашы Ваўкавыск — Ружаны.
Ізабелін — даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны).
Гісторыя. Упершыню паселішча згадваецца ў 1-й пал. XVI ст. пад назвай Петуховічы (пазьней Петухова) у складзе Гарадзенскага, потым Ваўкавыскага павету. У 1516 мясьціна знаходзілася ў валоданьні ўдавы маршалка Войцеха Яновіча Марыны Глебаўны. У 1557 маёнткам Петухова валодалі Клочкі. У XVII ст. паселішча перайшло да Дарагастайскіх і Сапегаў, існаваў касьцёл.
У 1690 Петухова атрымала статус мястэчка ў валоданьні ваяводы берасьцейскага Стэфана Курча, тут было 30 двароў, млын і карчма. У XVIII ст. паселішчам валодалі Флемінгі і Грабоўскія. У сярэдзіне XVIII ст. падскарбі Ян Флемінг перайменаваў Петухова ў гонар сваёй дачкі Ізабэлы (у шлюбе Чартарыйская). Ён таксама пасяліў тут нямецкіх рамесьнікаў з прозьвішчамі Рунгэ, Вэквэрт, Зомэр, Тум. У 1778 Грабоўскія заснавалі ў Ізабеліне кальвінскі збор. Мястэчка было месцам правядзеньня правінцыйных сынодаў кальвінскай Літоўскай Еднасьці ў 1780, 1788, 1796, 1802, 1822, 1838, 1842, 1846, 1850 і 1858.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ізабелін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам воласьці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні. Па вайне 1812, у якой згарэў Ваўкавыск, Iзабэлін зрабіўся цэнтрам павету. Станам на 1836 тут было 60 двароў, кальвінскі збор, грэка-каталіцкая царква, сынагога. Мясьціна знаходзілася ў валоданьні Стравінскіх. У сяр. XIX ст. — 42 двары, 2 суконныя фабрыкі. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сынагога, вучэльня, 5 крамаў, карчма, рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы. На 1914 — 119 двароў, цагельны завод Шмуля Гельмана.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ізабелін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва. У 1934 пачалася будова касьцёла, які згарэў у 1941.
У 1939 Ізабелін увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабіўся цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1971 тут было 195 двароў, на 1994 — 257, на 1 студзеня 2004 — 245.
Насельніцтва
XVIII стагодзьдзе: 1796 — 68 чал., зь іх 33 селяніны, 33 рамесьнікі, 2 лекары
XIX стагодзьдзе: 1830 — 245 муж., зь іх шляхты 1, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 161, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 82[1]; 1836 — 402 чал.; 1878 — 577 чал., зь іх 487 юдэяў[2]; 1897 — 820 чал.
XX стагодзьдзе: 1914 — 794 чал.; 1971 — 527 чал.; 1994 — 734 чал.[3]
XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2004 — 647 чал.; 1 студзеня 2007 — 206 чал.
Інфраструктура
У Ізабеліне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка.
Турыстычная інфармацыя
Колішні кальвінскі збор на Рынку, 1915
Выдатныя мясьціны
Кальвінскі збор (1778; цяпер касьцёл Сьвятых апосталаў Пятра й Паўла)
Могілкі: габрэйскія; старыя каталіцкія
Сынагога (XVIII ст.)
Царква Сьвятога Міхала Арханёла (XVIII ст.; грэка-каталіцкая, цяпер у валоданьні БЭМП)
Фальварак (XIX ст.)
Страчаная спадчына
Касьцёл (1934)
Крыніцы
^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 412.
^ Izabelin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 328
Валеры Шаблюк. Ізабелін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 474.
Літаратура
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
Izabelin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 328.